Новости

На адкрыццi бюсту беларускай паэткі ў Лiдзе

4 кастрычніка настаяцель храма ў гонар іконы Божае Маці “Сысканне загінулых” горада Ліды святар Сергій Андрухавец і клірык храма Ўсіх Святых святар Уладзімір Камінскі ўзялі ўдзел у адкрыцці бюсту беларускай паэткі Ларысы Геніюш у гарадской бібліятэцы-філіяле №3. Мерапрыемства было прымеркавана да трыццацігоддзя з дня яе смерці.

04.10.2012 |

Ларыса Геніюш (1910--1983) – выбітная культурная і грамадская дзяячка Беларусі, праваслаўная па веравызнанні. Усё сваё жыццё яна была шчырай верніцай і прыхаджанкай царквы ў Зэльве, здзяйсняла паломніцтвы ў Жыровіцкі манастыр і пакінула шэраг вершаў хрысціянскай тэматыкі.

У 1930-я гады Ларыса Геніюш перабралася ў Прагу, дзе брала чынны ўдзел у культурным жыцці беларускай эміграцыі. У 1948 годзе была выкрадзена агентамі МГБ, дастаўлена ў Мінск, хоць з’яўлялася грамадзянкай Чэхаславакіі, і асуджана на дваццаць пяць гадоў працоўных лагераў. Пасля смерці Сталіна тэрмін быў скарочаны да васьмі гадоў. Потым яна напісала цікавыя ўспаміны (“Споведзь”), якія па мастацкіх вартасцях і сіле ўздзеяння не саступаюць “Архіпелагу ГУЛагу” А. Салжаніцына.

Ларыса Геніюш вядомая жыхарам Зэльвы сваім праведным жыццём і дабрынёю. Людзі яшчэ памятаюць, як у мясцовага святара ўлады адабралі дом, а яна запрасіла бацюшку жыць у сваёй кватэры.

І пахаваная знакамітая паэтка побач з храмам.

Імпрэза пачалася з памінальнай ліціі, пасля якой святар Уладзімір Камінскі звярнуўся з прамовай да прысутных прадстаўнікоў інтэлігенцыі і навучэнцаў сярэдняй школы.

“Мы пачалі мерапрыемства з малітвы за спачылую рабу Божую Ларысу, -- сказаў айцец Уладзімір, -- бо рэлігійны, праваслаўны складнік яе жыцця і творчасці немагчыма аддзяліць ад астатняй яе дзейнасці. Сення праваслаўныя хрысціяне з асцярогай паглядаюць на беларускамоўных грамадзянаў і аматараў беларушчыны, бо ў іх асяроддзі існуе надаверлівае стаўленне да праваслаўя і заганныя ўяўленні пра яго. Прыклад Ларысы Геніюш паказвае нам, як можна і трэба быць праваслаўным беларусам, як натуральна і проста сумяшчаюцца гэтыя рэчы ў чалавека з добрым сэрцам”. У канцы прамовы святар выказаў думку, што кожны праваслаўны жыхар Беларусі павінен прачытаць яе “Споведзь”.

З прамовамі выступілі таксама паэты М. Скобла і П. Макарэвіч, школьнікі чыталі вершы, а музыкі выконвалі песні на тэксты Ларысы Геніюш.

Хор храма Ўсіх Святых (рэгент – Ірына Муха) выканаў песню на верш паэткі “Сэрца матулі”, што вельмі ўсцешыла прысутных.  “Не горш за філармонію!” – такія чуліся водгукі.

Завяршаючы імпрэзу, старшыня мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы С. Суднік выказаў падзяку ўсім гасцям і нагадаў, што бюст праваслаўнай паэткі скапіяваны з арыгіналу, які знаходзіцца ў Зэльве і ўсталяваны там намаганнямі грамадска-культурнага дзеяча і калецыянера Анатоля Белага, сваяка Мітрапаліта Філарэта па лініі маці.

Калі меркаваць па прыязных водгуках прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі на выступы праваслаўных святароў, то можна выказаць ўпэўненасць, што спакваля ідзе рыхтаванне беларускага поля да сеяння і ўспрымання слова Божага.