“Беларусь, твая дачка я…” (Еўфрасіння Полацкая святая асветніца зямлі беларускай)

“Беларусь, твая дачка я…” (Еўфрасіння Полацкая святая асветніца зямлі беларускай)

Інтэграваны вучэбны занятак па гісторыі Беларусі і факультатыўнаму курсу   “Асновы праваслаўнай культуры” ў 6 класе па тэме “ Беларусь, твая дачка я…” (Еўфрасіння Полацкая святая асветніца зямлі беларускай). 920-годдзю нараджэння Прэпадобнай Еўфрасінні Полацкай прысвячаецца.

Мэта: узнавіць і паглыбіць веды вучняў пра беларускую асветніцу і святую Еўфрасінню Полацкую.

Задачы:

а) навучання: асэнсаваць веліч постаці асветніцы, яе ролю ў гісторыі і духоўным жыцці Беларусі;

б) развіцця: спрыяць фарміраванню ў вучняў творчых, разумовых і даследчых здольнасцей, аналізу гістарычных дакументаў, характарыстыкі гістарычнага дзеяча;

в) выхавання: на яркім прыкладзе служэння свайму народу і духоўным подзвігу Святой выхоўваць у вучняў высокія маральныя якасці і пачуцці асабістага грамадзянскага абавязку перад сваёй Радзімай і яе народам з апорай на праваслаўныя традыцыі .

Абсталяванне: партрэт Еўфрасінні Полацкай, атласы па гісторыі Беларусі для 6 класа, мультымедыйная ўстаноўка, гістарычныя слоўнікі, выстава кніг па тэме ўрока.

На дошцы:  

Эпіграф: “ Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет” Р. Барадулін.

Лагічная задача: Чаму ад Еўфрасінні пачаўся свет?                          

Ход вучэбнага занятку:

1.     Пагружэнне ў тэму, сумесная пастаноўка мэты і задач.

Слайд 1.

Настаўнік ( на фоне музыкі): 

Я крывінка твая- крывічанка,

Я былінка твая- палачанка,

Я лячу да цябе, Радзіма,

Са святога Ерусаліма.

Настаўнік: Скажыце, калі ласка, аб кім ідзе гаворка? Хто будзе самай галоўнай гераіняй нашага занятку? ( Еўфрасіння Полацкая).

Слайд 2.Вось вы і вызначылі тэму нашага вучэбнага занятку.

А чаго вы чакаеце ад нашай сустрэчы? (даведацца аб жыцці Еўфрасінні Полацкай, якой была яе роля ў гісторыі Беларусі, што яна зрабіла для нашага народа, навучыцца браць з яе прыклад).

Так, наша задача зразумець веліч гэтай постаці ў гістарычнай і духоўнай спадчыне нашага народа.

Папрацуем з эпіграфам. Чаму ад Полацка пачаўся свет? (Гэта самы старажытны горад Беларусі, яго ўспамін у летапісе адносіцца да 862 г.).

Які свет пачаўся ад Францыска Скарыны? ( Гэта наш першадрукар).

Да канца занятку вы павінны вырашыць лагічную задачу: Чаму ад Еўфрасінні пачаўся свет?

Настаўнік: Перад тым як адправіцца ў падарожжа ў далёкае ХІІ ст., мы папрацуем з гістарычным слоўнікам паняццяў. Некаторыя тэрміны вам знаёмы з факультатыўнага курса “ Асновы паваслаўнай культуры”.

( Праца са слоўнікам).

-  Летапіс- пагадовы запіс гістарычных падзей.

-  Манастыр- тэрыторыя з царквой і жылымі памяшканнямі вернікаў.

-  Царква- аб’яднанне людзей адной веры;

-  Памяшканне, у якім адбываюцца набажэнствы.

-  Ігумення- асоба, якая ўзначальвае манастыр.

-  Фрэска- малюнак фарбамі па сырой тынкоўцы.

2. Актуалізацыя апорных ведаў.Стадыя выкліку.

Давайце паспрабуем узнавіць тыя веды, якія вы атрымалі ў папярэдніх класах. Адкажыце на пытанне, што вы ведаеце аб Еўфрасінні Полацкай?(мяркуемыя адказы: унучка Усяслава Чарадзея, прапраўнучка князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, дачка князя Святаслава- Георгія, яе звалі Прадслава, у 12 год пайшла ў манастыр,дзе перапісвала кнігі, стала манахіняй пад імем Еўфрасіння, памагала бедным, для манастыра заказала каштоўны крыж).

Настаўнік: Такім чынам, мы з вамі вызнычылі вашы веды пра Еўфрасінню Полацкую і зараз пастараемся іх папоўніць. І я запрашаю вас у старажытны Полацк.

3.  Стадыя асэнсавання

Папрацуем з атласамі, знайдзіце Полацк на карце.

Слайд 3. ( Прагляд відэасюжэта).

Слайд 4.Колькі вам гадоў на цяперашні час? ( Адказы дзяцей). Вы равеснікі Еўфрасінні. Уявіце, што вы княжацкія дзеці і жывяце ў княжацкім палацы.

Слайд 5.(Гістарычная інсталяцыя: уносяцца ўпрыгожанні, багатая вопратка, экзатычная страва).

Слайд 6.А я прапаную вам: халодную невялікую келлю, вузкі каменны тапчанчык, сціплую манаскую вопратку чорнага колеру.

-         Што вы выбераце? ( Адказы).

-         Як вы лічыце, чаму Еўфрасіння Полацкая зрабіла такі выбар?

(Яна не думала аб сабе, а хацела прынесці карысць людзям і паслужыць Богу).

Настаўнік: Паспрабуем дакрануцца да жыцця асветніцы і святой. Забярыце, калі ласка, ад нас гэтыя рэчы. Вы павінны зразумець, хто былі бацькі Еўфрасінні. Гэта не проста князь і княгіня. Святаслаў-Георгій некаторы час жыў у Візантыі, маці- княгіня Сафія, дачка князя Уладзіміра Манамаха, сястра Візантыйскага імператара. Гэта былі вельмі адукаваныя людзі свайго часу і такую ж добрую адукацыю яны далі ў хатніх умовах сваёй дачцы. Прадслава ведала 6 замежных моў .

-         Якімі якасцямі трэба валодаць, каб дасягнуць усяго гэтага?

( жаданне вучыцца, працавітасць, цярпенне).

-         Ці патрэбны гэтыя якасці вам, вучням ХХІ стагоддзя, каб быць паспяховымі ў жыцці? (Вельмі патрэбны).

Прыйшоўшы ў манастыр, Еўфрасіння пакінула мір, але не пакінула людзей з іх бедамі і турботамі .Яна не толькі моліцца і духоўна ўдасканальваецца ў пастах, але і прысвячае сябе асветніцтву, вучыць грамаце іншых.

Слайд 7.Пры манастыры Прэпадобная адкрывае школы, у якіх сама вучыла дзяцей грамаце, гісторыі,грэчаскай і лацінскай мове, а яшчэ слухацца і паважаць старэйшых, ніколі не хлусіць, умець адказваць за свае ўчынкі. Яна клапацілася аб духоўным стане свайго народа, і заснавала жаночы Спаса-Еўфрасініеўскі манастыр і мужчынскі, які да нашых дзён не захаваўся. Каб зберагчы гісторыю, Святая вяла Полацкі летапіс. Мірыла князёў. І калі на Русі ў гэты час ішлі міжусобныя войны, на Полацкай зямлі быў мір і спакой. Для ўсіх яна стала ўсім. Еўфрасіння збірала таленавітых асоб свайго часу вакол сябе і ўмела направіць іх намаганні на карысць людзей, Радзімы і ў славу Божую.

 Слайд 8.Напр. Дойлід Іаан. Які ўсяго за 30 тыдняў пабудаваў Спаса-Прэабражэнскую царкву. ( Праца з падручнікам. Заданне: Параўнаць Спаса-Прэабражэнскую царкву з іншымі храмамі. Адказы: Яе асаблівасць- ярусны вежападобны выгляд, какошнікі, якія аздаблялі вежу купала. Какошнікі ўпершыню ва ўсім усходнеславянскім свеце з’явіліся на Спаса-Прэабражэнскай царкве.)

А якая ж малітоўніца была Прэпадобная! Не хапіла цэглы, каб дабудаваць царкву. Усю ноч яна правяла ў малітве і раніцай у печы, у якой абпальвалі для трываласці цэглу, знайшлі патрэбную яе колькасць.

 Слайд9.Паслухаем навукоўцаў. ( Відэасюжэт: інтэрв’ю з рэстаўратарам У.В.Ракіцкім).

Слайд10.Настаўнік: У 1161 г. Еўфрасіння Полацкая заказала ў майстра-ювеліра Лазара Богшы крыж. ( Праца з дакументам падручніка на с.138).

Адказ на пытанні да дакумента:

-Як быў аздоблены крыж? (Каштоўныя камяні, жамчужыны, золата, срэбра).

-Выявы каго там былі? ( Ісуса Хрыста, Божай Маці, Іанна Хрысціцеля, архангелаў, евангелістаў, святых).

- Які надпіс быў зроблены? (Што нельга яго ўкрасці).

- Калі прапаў? ( У гады Вялікай Айчыннай вайны).

-Хто аднавіў крыж ? ( Майстар з Брэста Мікалай Кузьміч).

-Дзе крыж  знаходзіцца сёння? (У Спаса-Прэабражэнскай царкве).

Да гістарычнай крыніцы я дабаўлю, што крыж не толькі найвышэйшы ўзор ювелірнага мастацтва і каштоўнасць з пункту гледжання матэрыяльнага, гэта вялікая духоўная каштоўнасць. Тут не толькі выявы Хрыста, Божай Маці і святых, а яшчэ кропелька крыві Хрыста, часцінка дрэва, на якім ён быў распяты.

Слайд 11.Давайце разгледзім фрэскі Спаса-Прэабражэнскага храма. Тут намаляваны змест усяго Евангелля. Еўфрасіння Полацкая сама выбірала тэмы і сюжэты. Гэта яе ўнутраны духоўны свет, гэта наша спадчына, якой захапляюцца шматлікія паломнікі з розных куточкаў свету.

Слайд 12.Азірніцеся на вобраз Еўфрасінні Полацкай, паглядзіце на слайд. Праз 8 стагоддзяў глядзяць на нас яе вочы. Погляд святой пранікнёны.Позірк скіраваны ўдалячынь, у будучыню, аб якой яна марыла, ствараючы падмурак нашай нацыянальнай культуры.

Хто ж такая Еўфрасіння Полацкая для нас? Давайце гэта пытанне зададзім доктару гістарычных навук, прафесару Э.С.Ярмусіку.

Слайд 13. ( прамая тэлефонная сувязь з Э.С. Ярмусікам).

Слайд 14.( Фізкультхвілінка).

Выйдзіце, калі ласка, з-за парт. Пацягніцеся як мага вышэй уверх да столі. Дакраніцеся да неба, да сонейка. Схапіце рукамі тую нябачную нітку, якая звязвае нас з небам.Паднясіце яе да свайго сэрца. Раскінце рукі ў шырыню, вось такой даўжыні яна.Зматаем яе у клубок. Падзелімся ім з іншымі.

Слайд 15.А зараз працягнем наша падарожжа.

Еўфрасіння Полацкая марыла закончыць свой жыццёвы шлях у Іерусаліме каля гроба Гасподня. Так і адбылося ў 1173 годзе. Але Еўфрасіння Полацкая і сёння побач з намі. Яе нятленныя мошчы знаходзяцца з 1910 года ў Спаса- Еўфрасініеўскім манастыры, у сярэбранай рацы.Сродкі на яе стварэнне збірала ўся Беларусь. На яе асвячэнні прысутнічаў Прэзідэнт нашай краіны. Кожны чалавек можа звярнуцца да Святой за дапамогай, але рабіць гэта трэба з верай і любоўю, бо яна бачыць, хто з якім сэрцам да яе прыйшоў і абавязкова прыйдзе на дапамогу.І гэту дапамогу мы называем цудам.

Вы атрымалі заданне: паспрабаваць сябе ў ролі карэспандэнтаў і ўзяць інтэрв’ю. Давайце звернемся да яго.

Слайд 16. ( Відэасюжэт інтэрв’ю з Н.Круглай аб дараванні дзяцей па малітвам Прэпадобнай.).

Хто ж такая Еўфрасіння Полацкая? Давайце зададзім гэта пытанне ігуменіі манастыра матушцы Еўдакіі.

Слайд 17. (Відэаінтэрв’ю з настаяцельніцай Свята-Еўфрасініеўскага манастыра).

Еўфрасіння Полацкая – наша Святая. Звернемся да слоўніка тэрмінаў. Святы- чалавек,які ўсё жыццё служыў Богу, а пасля смерці прызнаны заступнікам вернікаў. Святы- чалавек бездакорны, высакародны, чысты, узвышаны, які можа ахвяраваць сабой дзеля другіх.

А якое азначэнне падыходзіць для Еўфрасінні Полацкай? ( і першае і другое).

4. Пярвічнае замацаванне. Рашэнне лагічнай задачы.

Які ж свет ад яе пачаўся? ( свет навукі, свет веры, свет духоўнасці, свет любові).

Дамашняе заданне:агульнае С.129-132,134-138; дыферэнцыраванае- зад.7, С.138; творчае (па жаданню), паспрабаваць скласці верш аб жыцці Святой.

Уручэнне кніг-раскрасак, якія падарылі дзецям ігуменія Матушка Еўдакія і Расійскі фонд сацыяльна-культурных ініцыятыў пад кіраўніцтвам С. Мядзведзевай.

5. Замацаванне вывучанага матэрыялу.

Прапануецца камп’ютарная гульня “Дарога да храма”, якую распрацавалі вучні самастойна на факультатыўным занятку “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scratch” (гульня прыкладаецца).

6. Рэфлексія. Адкажыце на пытанне: што кожнаму з вас даў гэты занятак? ( У выглядзе прыступак да храма).

Слайд 18.

-         Я больш даведаўся аб жыцці Еўфрасінні Полацкай;

-         Я зразумеў, як важна не толькі добра вучыцца самаму, але і дзяліцца гэтымі ведамі з іншымі;

-         Мне хацелася б быць падобнай на Еўфрасінню Полацкую;

-         Я выбраў сабе, кім я хачу быць ( гісторыкам, археолагам, журналістам);

-         Я ўбачыў, колькі добрага зрабіла яна для нас і нашай Радзімы;

-         Я буду старацца расці сапраўдным хрысціянінам;

-         Мне было цікава на ўроку, добра працаваць з сябрамі;

-         Я вырашыла на наступны год запісацца на факультатыў;

-         Я мару пабываць у Полацку

Слайд 19.

Настаўнік: У Евангеліі ёсць цудоўная прытча пра сейбіта, які ранняй вясной выйшаў у поле, каб пасеяць зерне. Ідзе сейбіт і сее. Частка зерня ўпала пры дарозе і была з’ета птушкамі, частка на камяністую глебу і прапала, а ў добрай глебе зярняткі далі добры ўраджай.Вось такім сейбітам духоўнага насення і была Еўфрасіння Полацкая, якая яшчэ ў ХІІ ст. зразумела ролю асветы ў жыцці народа і аддала гэтай справе ўсе свае сілы.

Зараз я хачу раздаць кожнаму з вас па маленькаму зярнятку.

Нам, дарослым, вельмі хацелася, каб і сённяшнія зярняткі ведаў і веры, пасеянныя ў вашым сэрцы і душы, далі добры ўраджай.

А Святая, напэўна, нам сказала б так:

Я прашу вас,малю з вышыні,

Жыхары Беларусі любай:

Памятайце пра карані,

Беражыце зямлю ад згубы.

Няхай верай і дабрынёй

Зноў напоўняцца вашы сэрцы,

Усталюецца мір і спакой

На радзімай нашай зямельцы.

 

Сёння, як ніколі, кожнаму з нас варта памятаць гэты наказ.

 

Да ўрока прыкладаецца прэзентацыя  з выкарыстанымі слайдамі і відэасюжэтамі і распрацаваная камп’ютарная гульня выкананая на мове візуальнага праграмавання Scratch.

1.     Анатацыя на урок https://yadi.sk/i/1uQiU4MkaBUK9A

2.     Прэзентацыя https://yadi.sk/i/ay4f7IcjH4Vfuw

3.     Матэрыял да прэзентацыі https://yadi.sk/d/bWShDWnplO-7iw

4.     Матэрыял да прэзентацыі https://yadi.sk/d/Yfd4jyU9XwhZjA

5.     Матэрыял да прэзентацыі https://yadi.sk/i/jkF7ME_Gqptm2Q

6.     Камп'ютарная гульня-віктарына https://yadi.sk/d/Sc6kDUDyuMVqhw

 

Сурага Тамара Мікалаеўна,

 Настаўнік гісторыі і факультатыўнага курса

“Асновы праваслаўнай культуры”

ДУА “Валеўскі ВПК дзіцячы сад- сярэдняя школа”

Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці,

кантактны тэлефон 80299484310.